ТКА́НКАВАЯ СУМЯШЧА́ЛЬНАСЦЬ, гістасумяшчальнасць,

магчымасць сумеснага існавання клетак і тканак, якія належаць генетычна падобным асобінам. Т.с. характарызуе стан, пры якім ахоўныя сістэмы арганізма не перашкаджаюць прыжыўленню і функцыянаванню клетак або органаў інш. арганізма (донара) у арганізме рэцыпіента (напр., крыві пры пераліванні, ныркі пры перасадцы). Поўная Т.с. існуе паміж тканкамі аднаяйцавых блізнят (генет. ідэнтычнасць). Гал. сістэма Т.с. — сямейства генаў, якія забяспечваюць саматычную індывідуальнасць і рэактыўнасць індывіда. Пры тканкавай несумяшчальнасці развіваецца імунная рэакцыя адарвання трансплантата. Высокая ступень Т.с. неабходна для паспяховых аперацый па перасадцы тканак і органаў.

Літ.:

Ройт А., Бростофф Дж., Мейл Д. Иммунология. М., 2000.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)